Беларускамоўная школа

Беларускамоўная школа

Кожныя бацькі выбіраюць, у які дзіцячы садок, у якую школу, у якую секцыю аддаваць сваё дзіця. У Беларусі, як і ў любой краіне, дзе існуе некалькі дзяржаўных моваў, выбіраць трэба яшчэ і на якой з іх дзіця будзе навучацца. Настаўнік курсаў беларускай мовы, Ігар Кузьмініч, прыводзіць 10 аргументаў за навучанне дзяцей па-беларуску.

Лепшы дагляд за дзецьмі

Беларускамоўная група ў садку, беларускамоўны клас – сёння з’ява ўнікальная. Да якой групы/класа будзе большая ўвага не толькі з боку бацькоў, але і ўладаў, адміністрацыі, грамадскасці: да звычайнай шэраговай групы/класа з амаль дзевяноста садкоў і школаў горада Гродна ці да нашай асаблівай групы/класа? Павышаная ўвага да групы/класа будзе спрыяць якаснаму дагляду, выхаванню і развіццю дзяцей.

Больш якаснае навучанне і развіццё дзяцяці 

Беларускамоўныя групы ў садках і беларускія класы – з’ява элітарная, а не масавая. Дзякуючы гэтаму класы фармуюцца колькасна меншыя. У класе дзе вучыцца 15-20 дзяцей настаўніца надае значна больш увагі кожнаму чым у класе дзе 28-30 навучэнцаў. Больш якасная праца будзе праводзіцца менавіта з Вашым дзіцём.

Павялічвае шансы паступіць у вну

Беларуская мова прасцей чым руская з яе складанымі правіламі. Тэст каб атрымаць вышэйшую адукацыю трэба здаваць усім альбо па-беларуску, альбо па-руску. Па-беларуску прасцей набраць больш балаў. Ужо сёння вялізная колькасць моладзі выбірае беларускую мову для здачы тэста, хоць асноўная мова навучання ў іх была руская. Больш шансаў на добры вынік маюць тыя, што вучыліся па-беларуску. Выхаванне і навучанне па-беларуску дазваляе атрымаць высокія балы на тэстах і паступіць у ВНУ.

Стварае лепшыя умовы для канкурэнцыі за працоўнае месца

Пры роўных умовах у Вашага дзіцяці будзе перавага, толькі з-за факту ведання на адну мову больш. Некаторыя кажуць – ну каму тая беларуская мова патрэбна? Але нават сёння заможныя фірмы шукаюць перакладчыкаў, мэнэджэраў, журналістаў, прэс-аташэ, прадстаўнікоў буйных карпарацый і г.д., якія валодаюць ангельскай, нямецкай, французскай, расейскай, але пры гэтым і беларускай. Частка прэстыжнай і высокааплочваемай працы ўжо сёння выконваецца толькі тымі хто валодае беларускай мовы, а разам з прыходам буйных еўрапейскіх карпарацый такі падыход будзе толькі пашырацца.

Дазваляе свабодна валодаць рускай і беларускай мовамі

Беларуская і руская – мовы навучання. У садку/школе дзеці знаходзяцца ў беларускамоўным асяроддзі і гавораць па-беларуску, у іншых асяроддзях не звязанных з садком/школай (і бацькамі), чуюць і карыстаюцца рускай мовай. Дзвюхмоўе – гэта магчымасць выказвацца без хібаў на дзвюх мовах, вусна ці пісьмова, ва ўсіх сітуацыях штодзённага і прафесійнага жыцця.

Развівае здольнасць да вывучэння замежных моваў

Філолагі лічаць, што эфектыўнае вывучэнне замежнай мовы, патрабуе валодання мінімум дзвюма мовамі на ўзроўні свабоднага карыстання, а не ведання словаў ці асобных тэмаў. Беларуская мова вельмі простая. Дзіця можа навучыцца дасканала валодаць гэтай мовай, як сваёй роднай, нават калі раней яе не чула. Засвоіўшы беларускую і рускую размоўныя мовы вашаму дзіцю будзе прасцей чым іншым вывучаць англійскую, польскую, арабскую мовы ці любыя іншыя.

Развівае разумовыя здольнасці дзіцяці

Дзіцё якое акрамя рускай мовы ведае і беларускую –засвойвае, як мінімум, у два разы больш інфармацыі (на двух мовах), а таксама выкарыстоўвае для знаёмства са светам розныя крыніцы, знаёміцца з розным зместам. Дзве мовы будуць узбагачаць вашае дзіця.

Развівае камунікабельнасць дзіцяц

Папераменнае знаходжанне ў асяроддзі беларускамоўным і рускамоўным здымае бар’еры ў камунікаванні і кантактах з людзьмі якія адрозніваюцца ад большасці. Камунікабельнасць дазваляе знаходзіць сяброў, у жыцці, кампаньёнаў і кліентаў на працы. Ваша дзіцё будзе мець большыя шансы добра ўладкавацца ў жыцці і на працы.

Стварае асяроддзе аднагодкаў, якія карыстаюцца беларускай мовай

Гэта дае дзецям зразумець, што беларуская мова гэта адна з моваў камунікавання. Адныя людзі размаўляюць па-беларуску, другія па-руску, трэція па-кітайску ці на суахілі. Беларускамоўная група/клас дапаможа выхаваць сучаснага беларуса, здольнага канкураваць з іншымі ў шматнацыянальным і шматмоўным свеце, а таксама дапаможа паважаць сваё.

Вылучае вашае дзіцё сярод іншых

Дасканалае валоданне і карыстанне беларускай мовай прыцягвае ўвагу і стварае дадатковыя шансы для таго каб паказаць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці і заняць асаблівае месця сярод іншых. Дзеці і дарослыя будуць звяртаць ўвагу, а Вы будзеце ганарыцца сваім дзіцём. Дайце вашаму дзіцю шанс праявіць сябе і заняць высокае сацыяльнае становішча.

Крыніца

Нашли ошибку в тексте сайта?
Выделите ошибочный текст мышкой и нажмите Ctrl + Enter